Прывітанне, мой дарагі чытач. Вітаю цябе ў часопісе 'Запіскі Вандроўніка'. Сёння я запрашаю цябе ў падарожжа на вяршыню гары Оваджык.
У гэта падарожжа мы збіраліся па-лёгкаму. Не бралі зашмат ежы, нават былі без гарбаты. Так, лустачкі каўбаскі, хлеба ды памідораў.
Да нас гэты шлях ужо праходзілі і была састаўлена мапа, па якой мы ішлі. Усё абяцала быць спакойным і вясёлым. Але...
Мы даехалі да кропкі старта хутка. Ад нашага дому да пачатку шляха каля гадзіны на байку. Сама сцежка пачалася ў маленькай вёсцы. Паабапал толькі тры дамы і ўсё.
Мы пайшлі рашуча. Перапрыгваючы невялічкую рэчку мы наблізіліся да хаты. Яна не паходзіла на дом для людзей, хутчэй на вялікі хлеў. І такіх хлявоў там было шмат.
Я вельмі баюся хадзіць праз двары, тым больш калі няма гаспадара поруч. Бо вядома, што каля сядзібы будзе сабака. Так і было.
Мы прайшлі праз двор як учулі яе. Але дзякуй богу, ці то яна спала, калі мы ішлі, ці ў іншым месцы была, я ня ведаю. На момант, калі мы мірна ішлі ўгару, сабака крычала ўнізе.
Я як заўсёды знайшла сабе кій, каб лягчэй было ісці. І, ідучы наверх, у галаве ўжо бегалі думкі пра новае падарожжа, новую калонку і невялічкія прыгоды.
Да першай вяршыні, такога сабе хрыбту, мы дайшлі дзесьці за гадзіну- паўтары. Усё было добра. Ішлі па маршруце. Сцежка была лясістай, толькі інадзі трапляліся камяні. Вецер дзьмуў вельмі моцна. Але ўвесь лес апрануўся ў кветкі. Так, негледзячы на тое, што і ў турэччыне зараз зіма, павінны ліць дажджы і быць вельмі халодна. Мы ўжо сустракаем раннюю вясну. Мясцовыя пралескі то тут то там, бэзавыя і пурпуровыя. Міндаль ды персікі таксама апранулі свае прыгожыя сукенкі. А пах які... Цуд!
Так мы ішлі і ўбіралі ў сябе наваколле. А потым і зусім дайшлі да пераходу. Вось там было як у Хобіце ці Ўладары.
Натура - быццам пастановачная.
Нізінка. Паабапал горы, вялізарныя такія. Ні ветрыку, ні шуму. Дрэвы вялікія на столькі, што аж страшна было побач. Не мала паваленых пажарам. Не мала паваленых і векам. Знайшлі мы крыніцы. Невялічкія такія прабіваліся то тут, то там.
Адмечу, што шлях гэты да такой ступені не турыстычны, што і смецця не было. Гэта вельмі радавала.
Так па крыху мы выйшлі на вялікае поле. Яно было разрэна рэчкай, толькі вады ў ёй зусім не было. Удалечы мы пабачылі пастуха і коз. Я напужалася, бо дзе козы там і сабака. Але, супакойваў факт прысутнасці гаспадара. Мы павіталіся і вырашылі зрабіць прывал. На гадзінніку была ўжо палова 4-ай. Не вельмі добры час у тым сэнсе, што хутка будзе захад. Але, мы не паспяшаліся, бо шлях быў спакойны. Селі на вялікі камень і прыслухаліся. Птушкі гаманілі, такія крыкуны. І быў яшчэ нейкі шум. Пакуль елі не маглі зразумець, што гэта. І толькі калі скончылі свой адпачынак і адправіліся рабіць, як мая матуля казала, 'апошні рывок', толькі тады пабачылі ў канцы гэтай змяі, якая разрэзала поле - маленькі вадаспад. Вось гэта цуд. Я была ўраджана.
Тым часам шлях вёў нас угару, пад 45-50градусаў. І тут ужо нас чакала вялікае каменне. Ды што там, вялізарныя хвоі, якіх дагэтуль я не бачыла.
Так яшчэ хвілін 40 і мы дайшлі да вяршыні. Але гэты шлях быў адметным, бо пад нагамі ляжалі памаранчавыя пялёсткі. Што гэта было? А гэта такія шышкі. Вельмі цікавыя. На галінках тырчаць як ліхтарыкі, а на зямлі як ружы. Вось дык дзіва. Так мы і апынуліся на вяршыне.
Гэта асаблівы смак задавальнення. Гара быццам сіхла. Толькі мы і сонейка, што яшчэ трымалася на небасхіле.
Экшн муві альбо як мы вярталіся
Так як мы ішлі па маршруце, то не дужа хваляваліся за шлях назад. Мы трымаліся мапы і проста ішлі. Было вельмі дзіўна, таму што ішлі мы менавіта па вяршыне, па хрыбту. А хрыбет гэты: як зубы востры. І не відаць было ні канцу ні краю. Тут мы задаліся пытаннем, няўжо ўвесь шлях назад ідзе па хрыбту? Немагчыма, бо гэта ж спуск. А спуск павінен весці нас у ніз.
Калі сонейка амаль што схавалася за суседнюю гару, мы вырашылі рызыкнуць - ісці ўніз уласным шляхам. Чым мы маглі б паплаціцца? А тым, што маглі б трапіць да стромкай скалы і ўсё. Гэта была б пастка.
Сілы нас пакрыху пакідалі.
Мы стараліся ісці траверсам, тобок трымаліся дыяганалі. Бо шлях быў вельмі складаны. Мы не сыходзілі з каменняў. Стромкія скалы пужалі так, што ў некаторыя моманты я не магла прыйсці да сябе. Было і смешна, бо такога не выдумаць, і страшна, бо сонейка закацілася і пачыналіся прыцемкі. Вы памятаеце, што мы не збіраліся ў доўгі шлях... Таму вады з сабой зашмат не было, а таксама быў толькі адзін ліхтарык.
Мы трымаліся тэмпу, спяшаліся злесці са скал да цемры. І вось ўпершыню за апошнія 300метраў скалалазання ўніз мы ступілі на зямлю. Я крыху абрадвалася, як пачула, як Станіслаў кажа: ' Кабан! Тут калыска кабана! Ён пабег!'
У гэтую хвіліну скажу сумленна, мне было вельмі цікава, які ён, дзік. Але потым стала крышачку страшна. Бо мо гэты дзік і збег ад нас, але можа ёсць цэлая каманда.
Мы ўсё спускаліся, а каменне ўсё было і было. Я не магла зразумець, як так. Ішлі мы па лесу, а вяртаемся проста па скалах. Кавалачак зямлі і той перакананы дзікамі.
А на нас пачала апускацца цемра. Яна прыходзіць ціха. Зоркі на небасхіле пачалі блішчаць прыгожа. Можна было пабачыць увесь небасхіл, нават млечны шлях.
Але ў нашым становішчы, зоркі былі нібы русалкі, што заманьваюць рыбакоў у балоты. Нельга было заглядацца на іх. Шлях ішоў ніжэй. Падавалася, што мы пралезлі ўжо так многа. У вакенцах з'явіліся агні, брахаў сабака і мы чулі котку. Так, ня ведаю адкуль, але мы чулі котку.
Хутка змоўклі птушкі, нават сабакі. І вось тут стала не па сабе.
Цемра. Ліхтарык свеціць на метраў 5 ўніз. А там, нічога не бачна. Стромкія скалы і ўсё. Мы лезлі, я некалькі разоў падала ўніз. Кацілася па камяністай зямлі. Ногі рэзаў мясцовы дзядоўнік, мо цярноўка, ня ведаю. Памятаю толькі боль. Некалькі разоў у мяне атрымалася спусціцца па скале толькі дзякуючы Станіславу, які лавіў мяне, падстаўляў рукі і плечы. Памятаеце Высоцкага? Калі не, пачытайце, ёсць у яго верш годны пра горы.
Там мы ішлі, паўзлі. Калені зусім адказвалі. Адчай, боль. Мы весяліліся як маглі. Бо галоўнае - працягваць рухацца.
Таксама мы бачылі нейкі ліхтарык і падавалася, што ліхтарык таксама набліжаецца. Мы прыкінулі, што мясцовыя ідуць па нас.
Камяні ўсё не сканчаліся. Яны былі. Гэта выводзіла з сябе. Ведаеце, чаму мы абрадвалася ў гэты момант? Калі скончыліся вялізарныя хвоі. Калі пачаліся звычайныя сосны. Мы былі на ўзроўні іхных вяршынь, але гэта былі ўжо звычайныя дрэвы. А значыць - блізка зямля. Так і адбылося. Мы ўсё спускаліся па скалах і тут бачым людзей. Жанчына і два дзяценка. Адзін - зусім маленькі жулік, мо гады 3. Другі старэйшы, мо гады на 2. Яны прышлі па нас. Бо хваляваліся.
Побач мы выйшлі на лясістую сцежку і дайшлі да іхнага доміка, які праходзілі з сабакай. А сабакі там дзве. І дзве брахалі злосна, як дэманы нейкія. На лбу ў мяне быў уключаны ліхтарык, гарэў чырвоным. І я падняла галаву, а насупраць мяне мільён вачэй блішчалі. Нібы тыя ж зоркі. Гэта былі козы і гаспадарка пастуха, якога мы сустрэлі на пераходзе.
Каля вагню быў яшчэ мужчына. Мы распавялі сваю гісторыю прыгод, як маглі. Яны нам сказалі, што не ляглі б спаць, пакуль мы б да іх не выйшлі.
Вось яны - звычайныя туркі. Не разбэшчаныя турызмам. Ветлівы і добры народ. Які пойдзе на дапамогу нават з дзіцямі, якія адчыняць дзверы і накормяць. У такой Турцыі хочацца быць.
І гэта быў бы добры фінал.
Але не. Іншы мужчына прапанаваў падкінуць нас да байка, які чакаў, ну мо з кіламетр. Адмовіцца было б не камільфо. Мы селі ў машыну. Божа, я думала можна выдыхаць аж не. Сцежка лясная - гэта не як у нас, дзве колы і траўка. Тут камяні, ямы ад ліўняў. Адзін раз машына так нахілілася, што я пачала групіравацца, каб потым вылезці, калі машына перавернецца. Я прамаўляла пра сябе, гэты мужчына тут не раз ездзіў, ўсё добра, супакойся. Але супакою не было. Зараз пішу і мне крыху смешна. Учора да смеху было, як да неба, ці да зямлі, больш паходзіць на наш выпадак.
Там мы заехалі на гарбату да яго хаты. Нас сустрэлі як родных. Жонка і дзеці. Частавалі ўсім, чым было, прапанавалі і вячэру. Таксама расказвалі, што бачылі нас на скалістым плато. Ведалі, што там не прайсці.
Назад гаспадар ізноў падкінуў. Там нас чакаў наш малюк з рапухай побач. Я ніколі такіх вялікіх рапух не бачыла, а бачыла я зашмат. Яна проста сядзела і нават віду не дадала, што і машына, і свет, і людзі. Толькі калі мы завяліся мужчына паехаў ад нас і рапуху марудна папаўзла ў кусты. А мы стомленыя і шчаслівыя паехалі да дому.
Вандраванне - гэта цудоўная і неад'емная частка майго жыцця. Прыгоды - гэта тое, што адчыняе вочы да людзей, да прыроды, да сябе.
Больш фота і аўдыя версія на маім тэлеграм канале @xaniro_notes