Кароч, мова.
Сітуацыя з роднай мовай у Беларусі падобная на прапаганду здаровага лада жыцця (усе хочуць быць худыя і ядуць джанк-фуд). Добры працэнт насельніцтва разумее, што мова – скарб, што яго трэба бараніць і трэба адраджаць, але ўсім лянота. Нават мае бчб-бацькі, як ні дзіўна, не карыстаюцца беларускай мовай у побыце, але ж вельмі любяць паразважаць, якія ўсе навокал дрэнныя і па-беларуску не размаўляюць. А як пачнеш – “ооо, няма такога слова”, “оо, а што гэта за трасянка”. Некая незвычайная прага да перфекцыянізму і жаданне пакрытыкаваць кагосьці іншага. На маю думку, такія самыя яскравыя рысы беларусіка, але мова не аб тым.
Але мне пашчасціла. Я трапіла ў такое асяроддзе, дзе час ад часу беларускае слаўцо гучыць. З рыпам, але пішу дыплом па-беларуску, маю беларускамоўных знаёмых і нават тых, хто гэтай ідэяй трошкі нездарова хворы. Некалькі назіранняў:
- перайсці на беларускую мову, калі твой суразмоўца шпарыць на ёй – добры тон, але неабавязкова. ёсць тыя, каму абыякава, а ёсць тыя, каго рускія словы збіваюць з панталыку.
- ніколі ніводны беларускамоўны знаёмы не казаў “не разумею па-руску”, тым часам “не понимаю этот ваш белорусский язык” сустракаецца прыкра часта.
- канкрэтна ў Менску: каталіцкая царква праводзіць багаслужэнні па-беларуску, шмат чым прадтрымлівае нацыянальную ідэю, а вядомыя прасоўвачы беларускай ідэі з’яўляюцца дабрачыннымі каталікамі. праваслаўныя – “наша русская культура”, не бачуць неабходнасці ў беларускай мове, бо яна шкодзіць інтэграцыі з больш багацейшай на іх погляд рускай спадчынай і агульнай глабалізацыяй.
- у групе дзве дзяўчыны: адна нарадзілася ў Лідзе, скончыла беларускую школу, пяць год на ўсіх занятках, што ідуць па-беларуску, рашуча казала што «ничего не понимаю», адказвала па-руску. другая студэнтка – з Казахстана, на 1/4 беларуска, беларускай мовы да 2014 года не чула нават, на трэцім годзе навучання валодала мовай на ўзроўні сярэдняга маладога беларуса (разумець тэкст, шпарка перакладаць са слоўнікам і як-ніяк з памылкамі, але размаўляць).
- у свядомасці большасці беларускамоўнасць=апазіцыя. на жаль, апазіцыя дыскрэдытавала сябе, і калі кажаш “калі ласка, прабачце”, могуць і шарахнуцца як ад чумной).
- дзяржаўная падтрымка беларусізацыі мінімальная, што ў першую чаргу звязана з поглядамі кхмкхм: “на белорусском языке нельзя высказать большие мысли». з часоў нашага навучання ў школе адносіны гадзін на рускую\беларускую мову не змяніліся, але гісторыя Беларусі вядзецца напрыклад па-руску. прыкра.
- чыста чалавечая падтрымка беларускай мовы ёсць. калі ты скажаш настаўніку, што хочаш адказваць на беларускай, ці пісаць на ёй курсавую працу, ніхто не забараніць. чуткі пра тое, як за мову ругаюць – часцей спекуляцыя накшталт “мая праца атрымала 6 не таму, што яна лайно, а таму, што яна па-беларуску”.
- у настаўнікі беларускай мовы звычайна ідуць ну нейкія самыя абыякавыя людзі, якія самі гэта не любяць і не могуць укласці ў дзяцей. я настаўніцу беларускай з вогненнымі вачыма пабачыла толькі ў акадэміі музыкі, што было да гэтага – успамінаць страшна.
- падрымка беларускай мовы камерцыйнымі арганізацыямі мае хайпавы характар, бо ўсе знаюць, што 30% купяць цукар з Скідзеля толькі таму, што там напісана “цукар”, а не «сахар». прыклад: была вось такая хіпстотная блінная ДЭПО. у іх меню па-беларуску, беларускамоўны інстаграм, рэклама, усе справы. першы год там былі цудоўны беларускамоўны персанал. на тым тыдні я спытала “блінец №6 і гарбату чорную без цукра”, дык у мяне перапытвалі па-руску разоў шэсць, пакуль не сказала “чай”. і так шмат дзе – symbalбай, напрыклад. нават узнагароджванне Тузін Гітоў у 2014 годзе А. Памідораў вёў па-руску.
Канечне, ёсць людзі, якія размаўляюць па-беларуску ад душы ці таму, што шмат іх дзейнасці проста звязана з беларускай мовай (як мае настаўнікі) і яны звыкліся проста.