Завяшчанню Багушэвіча – быць!
Ня так даўно беларускамоўная версія сайту аператару сувязі «МТС» спыніла сваю працу. Казалі, што з-за падрыхтоўкі да дэнамінацыі, але асабіста я нешта ніяк не магу звязаць гэта ў нейкі лагічны ланцужок. Адразу, амаль праз пару дзён, у Інтэрнэце з'явілася і петыцыя Аляксандра Кошаля пад назвай «За МТС па-беларуску!» Такая вокамгненная рэакцыя на знікненне беларускай мовы, хай усяго толькі і з сайту «МТС», не можа зараз не пакінуць асалоды ў маім сэрцы, якую я буду смакаваць яшчэ доўга.
Хутка электронная петыцыя сабрала патрэбную колькасць подпісаў за вяртанне роднай мовы ў жыццё афіцыйнай старонкі «Мабільных Тэле Сістэм». 677 чалавек, сярод каторых, канешне, і я, пакінулі свой адбітак на чарговым кроку насустрач якой-ніякой, але ўсё ж беларусізацыі. Як мы ведаем, вялікія рэчы пачынаюцца з дробязяў. Таму нават такая спроба дамагчыся ад якой-небудзь афіцыйнай кампаніі ці дзяржаўнай ўстановы таго, каб яна загаварыла ці «запісала» па-беларуску, з'яўляецца вельмі моцным дасягненнем. Увогуле, ужо толькі жаданне нашых людзей рабіць нешта ў гэтай галіне, выклікае хаця і нейкі маленечкі, але гонар за сваю нацыю. Гонар за тое, што яна не забываецца аб настаўленні Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».
Што зараз так актыўна падштурхоўвае беларусаў змагацца за гэтае сваё, беларускае? Што натхняе іх на стварэнне крамаў адзення з гістарычнай і нацыянальная сімволікай? А што – на распаўсюджванне і ўжыванне роднай мовы? Можа, гісторыя з Украінай навучыла беларускі народ чамусьці правільнаму, дала нейкі ўрок? Шанаваць тое, да чаго мы належым, як мінімум, напрыклад. Ва Украіне на сваёй мове гаворыць большасць карэнных жыхароў, і гэта так жа нармальна, як у Польшчы яны гавораць выключна па-польску. У Беларусі такога няма. Для Беларусі гэта нейкі нязбытны цуд.
А яшчэ на днях здарылася нешта зусім дзіўнае, але, канешне, прыемнае і цікавае. Вядомая сетка гіпермаркетаў «Евроопт» адчыніла свой першы ў краіне… беларускамоўны магазін. Так-так, вы не памыліліся, усё верна. Беларускамоўны. Усе шыльды, аб'явы і надпісы выкананы на нашай роднай мове, ды буйным шрыфтам, каб бачна было за кіламетр.
А ў дадатак, ніжэй, адпаведна – драбней, зроблены надпісы на ангельскай і рускай мовах. Пашанцавала ж Гародні на такі цудоўны магазін. Я б у ім дакладна адчувала сябе, як кажуць, у сваёй талерцы. Але рэакцыю астатніх людзей можна чакаць розную і нават неадназначную, бо далёка не ўсе жыхары краіны дастаткова добра ведаюць беларускую мову. Ці ўвогуле ведаюць. Вось персанал гіпермаркету нешта пакуль не гатовы да такіх сур'ёзных перамен.
Дзякуй вялікі Богу, і такі мале-е-енечкі – ураду Беларусі. За тое, што не ўмешваецца ў жаданне і імкненне беларусаў быць самімі сабой. За тое, што хоць неяк дазваляе нам развіваць культуру сваёй нацыі, ужываючы яе ў штодзённым жыцці. І зноў – цікава, аж не магу ніяк перастаць гадаць – што прымушае ўрад на гэткі вялікі для нацыі падарунак – нейтралітэт?..
Але, ведаеце… Галоўны «дзякуй»атрымліваюць усё ж беларусы. За тое, што пераступілі ўсе свае жахі наконт таго, каб пачаць нешта рабіць з ажыўленнем беларускай мовы. За тое, што яны змагаюцца за сваё нацыянальнае. За тое, што кожную раніцу я пачала прачынацца ўжо не проста з надзеямі, а з дужай верай на лепшыя перамены ў маёй краіне. За тое, што, кожны дзень, адчыняючы сайты незалежных беларускіх СМІ, седзячы на кухні кватэры ў Санкт-Пецярбургу, я загадзя ведаю: мяне чакае шмат цудоўных навін. І што яны абавязкова будуць аб тым, як нейкі чарговы беларус зрабіў чарговы крок насустрач мары вялікай колькасці сучасных беларусаў – канчаткова стаць ля вытокаў сваёй нацыянальнай культуры і быць ужо, нарэшце, паўнавартаснай еўрапейскай дзяржавай. Дзякуй табе, беларус, які змагаецца за сваю самасвядомасць, і не баіцца цяжкасцяў на шляху да вялікай падзеі – ператварэння Беларусі ва ўзор сапраўднай любві да ўсяго роднага і таго, як насамрэч патрэбна яго абараняць. За тое, што мяне, хутчэй за ўсё, насуперак маім жахам наконт «не паспець застаць таго дня, калі ўся краіна загаворыць па-беларуску», калі я вярнуся ў Менск, чакае вялікая і цікавая будучыня.
За тое, што ўсё ж-такі завяшчанню Багушэвіча – быць.