або Недачытаны “Пан Тадэвуш” Міцкевіча
Ён выходзіць на сцэну. Вакол - цішыня, пустата, паўзмрок. За спіной лунае доўгі чорны плашч з лёгкай тканіны; белая кашуля з пышным каўняром, характэрным для сярэднявечча, запраўлена ў штаны. Сапраўдны Адам Міцкевіч, калі жадаеце. Але ўсё ж-такі гэта іншы чалавек. "Свой, тутэйшы". Але герой ужо гэтага, "нашага" часу, і ўсё ж-такі – ні ў якім месцы не купалаўскі селянін. Ён - ліцвін. І гэтага дастаткова, каб спарадзіць у галовах як яго гледачоў, так і (спадзяюся) маіх чытачоў, буяны працэс мыслення.
- Божа мой... Божа мой! Як не хочацца, як мне не хочацца пакідаць гэтую зямлю! Няма зусім аніякага жадання паміраць, вы ведаеце? Якую прыгажосць, якую каштоўнасць мае ўсё тое, да чаго я паўнапраўна маю адносіны, да чаго маю магчымасць дакранацца зараз і адчуваць недзе ў душы птушыныя высокія спевы... - Ён аглядаецца вакол, але не бачыць ні водных вачэй, якія б не толькі былі накіраваны на яго, але хаця б глядзелі... хаця б бачылі.
Маналёг са сцэны ў пустэчу замест гледачоў адбываецца, на дзіва, нядрэнна - на дзіва, бо ў зале нікога няма, а юнак пры гэтым трымаецца вельмі горда, упэўнена, быццам бы адыгрывае свой апошні спектакль (хаця, увогуле, і ніколі ня быў акцёрам). Тут юны талент адчувае, як унутры, у сэрцы, быццам бы нешта скрабецца, просіць дазволу вырвацца вонкі. Але юнак не адпускае, трымае моцна, і, незаўважна для сябе, павольна сціскае кулакі. Ці гэта ад злобы да адсутнага гледача і слухача, ці то - ад несправядлівасці ўсяго жыцця. Вядома толькі яму.
- Літва! Айчына мая!.. - юнак пачынае гаварыць далей радкамі Міцкевіча, але тут жа нечакана змаўкае. Увесь той боль, які зараз раздзірае яго ўнутры на часткі, патрэбен выпрабаваць кожны беларус, які з вялікай пашанай ставіцца да сваёй гісторыі. Гэты вось экспанат, напрыклад, хворы на самаадданасць. Ён думае так: каб даказаць, што твая краіна нешта для цябе каштуе, ты павінен пайсці на неверагодныя ахвяры. Разбурыць сябе, як асобу, ушчэнт. Але - чаму толькі на словах, у тэатры, ды яшчэ й – у пустым?
Юнак доўга не ведаў, што казаць далей. Вывучаныя часткі з паэмы "Пан Тадэвуш", канешне, заслугоўвалі хаця б нейкай мінімальнай увагі. Але што рабіць таму, каго ў свой век не зразумеў ні адзіны чалавек з уласнага атачэння? Хіба толькі ў шыбеніцу лезці.
- Маё маральнае становішча даказвае ўсю няўцешнасць сітуацыі, - усё ж-такі працягвае юнак. - Мы - літвіны - забылі, нават, што мы, такія, ўвогуле ёсць. Так-так!.. Ёсць. Мы, шляхта, якой ва ўсёй Еўропе была большая колькасць - за дзесяць працэнтаў, мы - яшчэ жывыя.
Але ж... Які сэнс мае ўсё тое, што я называю найвялікай каштоўнасцю, усе вось гэтыя палі, лясы... - Юнак абводзіць рукой палову зала. - Уся гэта гісторыя, традыцыі, літаратура... Каму гэта ўсё? Нашчадкам? - Ён саркастычна, па-тэатральнаму усміхаецца. - Якія нашчадкі, калі іх ужо зараз увогуле нічога не хвалюе. Паглядзіце, яны ўткнуліся ў свае гаджэты і... Не. Брыдка працягваць. - Юнак драматычна, але ні на йоту не найграна, апускае вочы і пакідае злёгку прыадчыненым рот. У гэты самы момант, недзе над яго галавой, над дахам тэатра, у небе ўпала першая зорка. Гэта быў пачатак яснай жнівеньскай ночы - той самай, у якую ўсе сродкі інфармацыі так актыўна і абяцалі моцны зарапад. Гэткай прыгажосці юнак-літвін не бачыў у сваім жыцці яшчэ ніколі.
- Пашанцуе - і маё жаданне стане праўдай. - Як малітву, ён пачаў прагаворваць сваё, запаветнае, пра сябе - бо ўслых жа не споўніцца.
Пад канец толькі неяк раскрыўся сваёй невядомай "публіцы".
- ... і я, ўвогуле ж, толькі адзінае прашу, і ў імя Айца... і Сына, і Святога Духа, каб толькі больш яна не хварэла... бо хопіць ужо з яе. - Ён мае на ўвазе сваю краіну, я мяркую. І, нават не заўважыўшы, як апусціўся на калені, ён неяк уздрыгнуў. Ад нечаканасці. Няўжо ж яго думкі аб Радзіме да таго... шчырыя?
Артыстызм юнака проста зашкальвае. Цікава, што далей? Ён нетаропка выпрастае спіну, паказваючы сваю роўную выправу і гордую стаць сапраўднага арыстакрата. Яго паводзіны з боку нагадваюць нейкую шызафрэнію. Адзін на адзін са сваімі думкамі. Сам сабе кажучы нейкія словы. Вядзе свой маналог, ад якога, мякка кажучы, ніводнаму жыхару былой Літвы ні холадна, ні горача.
Акрамя мяне. Я, дзеля сваіх чытачоў, сяджу зараз недзе ў глыбі зала (добра, добра, на балконе) і цярпліва выслухоўваю гэтае ўсё, - нават, спрабую нешта зразумець у гэтым нейкім нелягічным ланцужку дзеянняў і слоў юнака, быццам бы ён перачытаў Міцкевіча.
Так адбывалася яшчэ хвілін пяць. Ён зачытваў некаторыя радкі з Міцкевіча, і з кожным новым паступова страціў свой былы энтузіязм. Ён замаўчаў.
"Адзіны ў яго гледач - бог", - усур'ёз падумала я. І прыснула. Гэта невялічкая усмешка, зразумела, была адразу ж пачута героем майго цяперашняга апавядання, гулам пракаціўшыся па сценах залы.
Юнак адразу паглядзеў наверх. Туды, дзе сядзела я.
Вочы яго зіхацелі з-пад павекаў.
Я глядзела на яго ў адказ, не маючы магчымасці што-небудзь сказаць.
"Яго паводзіны з боку нагадваюць нейкую шызафрэнію".
Я не адмаўляюся ад сваіх слоў. Так, напэўна, выглядае згублены беларус.
Чалавек, якому, нажаль, не пашанцавала нарадзіцца ў той час, калі "Таварыства філаматаў" вяло свае закрытыя сходы. Так выглядае згублены ў часе літвін. Калі нарадзіўся не ў свой час, - вось што з табой ствараецца, мой мілы сябра.
Ты адразу пачынаеш губляць розум.
Малюнкі - Stefan Żechowski.