Гісторыя пра кнігі і любоў да іх, пра ёкаяў і вішапаў, а таксама пра іх пачуцці і пра недамоўкі паміж бессмяротнымі істотамі (на шчасце, усё скончылася добра!)
Ні для каго не сакрэт, што сапраўдная скарбніца вострава Ватацумі - гэта не багацце пярлін, якія можна збіраць, проста шпацыруючы па выспе і гледзячы пад ногі, і нават не гісторыя даўжынёй у тысячу гадоў, схаваная глыбока пад зямлёй і вадой Санганоміі. Сапраўдную скарбніцу Вярхоўная Жрыца Ватацумі захоўвае ў сваіх пакоях, а складаецца яна з тысяч кніг, сабраных з усяго свету, мудрасцю якіх спадарыня Санганомія шчодра дзеліцца са сваімі падданымі. Нават падчас дзеяння Ўказа Сакоку яна давала рады папаўняць сваю скарбніцу - але нават пасля адкрыцця межаў Інадзумы асноўнай крыніцай яе папаўнення застаўся выдавецкі дом Яэ. Праўда, у адрозненне ад сусветных пярлін мудрасці, на якія Санганомія Какомі палявала па ўсім Тэйваце, большасць кніг выдавецтва Яэ яна набывала выключна дзеля ўласнай асалоды. На шчасце, як пастаянная пакупніца, яна мела вялікую зніжку, таму гэтая нявінная забава не адбівалася на бюджэце Ватацумі. І, як высветлілася пасля заканчэння вайны з Нарукамі, кожную пастаўку прыносіла Гудзі Яэ ўласнай асобай - праўда, раней яна рабіла гэта ў выглядзе лісіцы. Цяпер жа Вярхоўная Жрыца Нарукамі наносіла візіт не проста ў чалавечым абліччы, а яшчэ і ў самым урачыстым убранні. Праўда, калі пры гэтым яна цягнула з сабой стос з тузіна кніжак, выглядала гэта дужа забаўна - але, вядома, ніхто не наважваўся з яе смяяцца нават за ейнай спінай. Вартавыя Ватацумі ветліва сустракалі спадарыню Гудзі Яэ на мяжы выспы і праводзілі да храма Санганоміі, і калі не ведаць, што яшчэ пару гадоў таму яны былі заклятымі ворагамі, можна было падумаць, што гэта ганаровая варта, а не рэшткі насцярожанасці.