Святлана Ціханоўская выступіла перад Камітэтам па замежных справах літоўскага Сейма на тэму праблемаў беларусаў Сёння з ініцыятывы Офіса Святланы Ціханоўскай у Сейме Літвы прайшлі слуханні, прысвечаныя прававому становішчу беларусаў у Літве. У слуханнях удзельнічалі старшыня Камітэту Жыгіс Павільёніс і яго намеснікі, а таксама чальцы групы «За дэмакратычную Беларусь». З беларускага боку ўдзельнічалі дарадца па міжпарламенцкаму супрацоўніцтву Анатоль Лябедзька і прадстаўнікі беларускіх палітычных партыяў – [https://www.facebook.com/unitedcivilparty/?locale=ru_RU|АГП], [https://www.facebook.com/groups/ruch.za.svabodu/|Руху «За Свабоду»], [https://www.facebook.com/bsdgby/|«Грамады»] і [https://www.facebook.com/bchd.party|Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі]. Беларуская лідарка выступіла з прамовай перад Камітэтам і заклікала літоўскі бок устрымацца ад абмежаванняў супраць беларусаў: «Я прашу вас падоўжыць тэрмін дзеяння візаў, відаў на жыхарства – і ўстрымацца ад непрапарцыйных абмежаванняў па прыкмеце беларускай нацыянальнасці. Не кладзіце нас у адзін кошык з расіянамі. Бо гэта менавіта тое, чаго хочуць дыктатары. Сёння ў Літве жыве да 70 тысяч беларусаў, якія пакінулі краіну пасля 2020 года. Яны працуюць, плацяць падаткі і інтэгруюцца ў літоўскае грамадства. Большасць з іх жадае вярнуцца дамоў. Шмат якія прадпрыемствы пераехалі, таму што не хочуць плаціць падаткі Лукашэнку. Большасць з іх працуе з рынкамі ЕС і ЗША. Агулам яны прыносяць больш за 490 мільёнаў еўра за год. Гэта істотны ўклад у літоўскую эканоміку». Таксама Ціханоўская выказала меркаванне, што ў 2024 годзе колькасць тых, хто прыязджае ў Літву, не будзе настолькі рэзкай. Па выніках сустрэчы Камітэт пагадзіўся падтрымаць прапанову аб падаўжэнні відаў на жыхарства да 3 гадоў, але рашэнне павінна прайсці праз Сейм.













